Пляцоўкі фестываля «Наш Грунвальд»

Галоўная фестывальная пляцоўка - рысталішча.

На гэтай пляцоўцы (справа ад увахода ў музей), на працягу двух дзён будуць праходзіць асноўныя мерапрыемствы фестываля:

  • Маштабны конны турнір – вершнікі, убраныя ў даспехі XIII-XIV стст, прадэманструюць майстэрства коннага бою, валодання дзідай, мячом. Апагей выступа - турнірныя конныя сшыбкі, пад час якіх два рыцары накіроўваюць сваіх коней адзін на аднаго, імкнучыся выбіць супраціўніка з сядла ўдарам доўгай дзіды на поўным скаку.
  • Пешы рыцарскі турнір і турнір збраяносцаў. Паядынкі праходзяць па канонах сярэднявечных турніраў. У фінале вызначаецца наймацнейшы рыцар турніра.
  • Масавыя бітвы рыцараў, бугурты - на пляцоўцы адбываецца дэманстрацыя рэальнага сярэднявечнага бою. У межах бугуртаў праходзяць бітвы: «захоп сцяга», пад час якога адзін з атрадаў павінен захапіць сцяг праціўнікаў і не страціць свой, «бітва на мосце» - кожны з атрадаў павінен перайсці на процілеглы бок вузкага маста, «штурм варот» - адзін з атрадаў абараняе вароты «Замка», другі павінен прарвацца ўнутр.
  • Бітва пяцёрак - бітва атрадаў рыцараў у колькасці 5 чалавек, да апошняга стоячага на нагах.
  • Турнір лучнікаў - шэраг выпрабаванняў для лучнікаў. Падчас адборачнага і асноўных тураў праходзяць розныя этапы: стральба па рухомых і нярухомых мішэнях, стральба з розных дыстанцый, у руху, з няўстойлівай платформы і г.д.
  • Турнір алебардыстаў - бітва ў фармаце «адзін на адзін» воінаў, узброеных даўгамернай зброяй.
  • Тэатралізаваная рэканструкцыя бітвы «Грунвальдская бітва» - масавая рэканструкцыя падзей 15 ліпеня 1410 года з узнаўленнем тактычных перамяшчэнняў войскаў.
  • Вогненнае шоў - выступ артыстаў вогненнага шоу.

Канцэртная пляцоўка. Дзве сцэны, размешчаныя на тэрыторыі музейнага комплекса "Дудуткі" (галоўная сцэна - справа ад уваходу ў музей). На працягу двух дзён на канцэртных пляцоўках будуць праходзіць канцэрты музычных калектываў, якія выконваюць folk / rock музыку.

Цэнтральная плошча сядзібы «Дудуткі» - размешчана ў канцы галоўнай дарогі, якая вядзе ад ўваходных варот. На працягу двух дзён тут будуць праходзіць майстар-класы па танцах, тэатралізаваныя пастаноўкі, сярэднявечныя гульні, узяць удзел у якіх зможа любы жадаючы.

Гандлёвыя шэрагі - размешчаны злева ад уваходу ў музей. На працягу ўсяго фестываля тут можна будзе пазнаёміцца з працай майстроў і рамеснікаў, якія выкарыстоўваюць сярэднявечныя тэхналогіі, набыць сувенірную прадукцыю.

Інтэрактыўныя пляцоўкі. Інтэрактыўныя кропкі размешчаны па ўсёй тэрыторыі музейнага комплекса"Дудуткі". Кожны жадаючы зможа паўдзельнічаць у сярэднявечных гульнях, выпрабаваннях, навучыцца стральбе з лука, арбалета, узяць удзел у майстар-класе па фехтаванні, наведаць сярэднявечную катоўню.